ВЕРАСНЁЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1923 у Балгарыі, узброенае паўстанне левых сіл супраць ваен. дыктатуры 23—29.9.1923. Стыхійныя антыдыктатарскія ўзбр. выступленні камуністаў і «земляробаў» (членаў партыі Балг. земляробскі нар. саюз; БЗНС) пасля звяржэння ваеннымі левага ўрада А.Стамбалійскага (пераварот 9.6.1923) пацярпелі няўдачу. ЦК Балг. камуніст. партыі 6.8.1923 прыняў рашэнне аб падрыхтоўцы ўзбр. паўстання. Пазней заключана пагадненне аб адзінстве дзеянняў з БЗНС, створаны Галоўны ваен.-рэв. к-т на чале з Г.Дзімітровым, В.Каларавым і Г.Генавым, план якога прадугледжваў адначасовае паўстанне ў розных акругах і хуткае пашырэнне па ўсёй Балгарыі. Выступленне паскорылі распачатыя ўладамі рэпрэсіі (арышт каля 2 тыс. камуністаў, увядзенне ў краіне ваен. становішча). Найб. паспяхова дзейнічалі паўстанцы (каля 43 тыс. чал.) у паўн.-зах. ч. Балгарыі (занялі 8 гарадоў і 440 сёл). Паўстанне задушана ўрадавымі войскамі з выкарыстаннем артылерыі і кулямётаў; каля 20 тыс. паўстанцаў забіты і пакалечаны.

Літ.:

Георгиев Г. Сентябрь 1923 г.: Ист. очерк: Пер. с болг. М., 1973;

Краткая история Болгарии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987. С 339—342.

У.Я.Калаткоў.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)